СТРАТЫГРАФІЯ ЗАСЛАЎЯ / часовая экспазіцыя да 1040-х угодак першай згадкі горада


Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”

Навучальная лабараторыя музейнай справы Гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта

СТРАТЫГРАФІЯ ЗАСЛАЎЯ

часовая экспазіцыя да 1040-х угодак першай згадкі горада

у рамках нізкі навукова-даследчых і адукацыйных праектаў

“ЭТНАГРАФІКА РЭЧАВІДУ”

Пад 985 годам у Аповесці мінулых часоў упершыню згадваецца Заслаўе…

Ужо 1040 гадоў стаіць на берагах пакручастай Свіслачы нашае Места. Места — адное з самых старажытных на Беларусі.

Шмат зменаў зведала Места за сваё жыццё. Павялічвалася. Змяншалася. Квітнела ды занепадала. Ды зноўку рушыла ўгору. Толькі назваў было колькі — Заслаў, Ізяслаў, Ізяслаўль, Жэслаўль, Жаслаўль… А колькі было рознага самавітага і цікавага жыцця ў горада.

Калісь узнікла фартэцыя, пра якую ў Аповесці мінулых часоў і вядзецца — там, дзе зараз гарадзішча Замачак на Кладачках. Ды паўстала за ім следам Старое места з замкавым дзядзінцам і пасадам — там, дзе Рынкавая плошча, касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ды былы Кальвінскі збор з Валамі… Усё квітнела… Усё паціху зніякавела… Дык новы ж цэнтр ўзняўся — Заслаў Пшаздзецкіх-Прушынскіх…

А пазней віраванне жыцця вярнулася і да Старога места — гістарычны цэнтр з Рынкавай плошчай ды Валамі трошку ачуняў, хаця так і не змог вярнуць былой велічы. Жыццё дагэтуль буяе збольшага на Новым месце…

Ад тысячагадовай гісторыі Места быццам мала чаго засталося — навідавоку мала. Самае заўважнае — дзве бажніцы-камяніцы ды самі пагоркі вуліц і лагчыны ўздоўж рэчак… Збольшага памяць пра старажытнае Заслаўе — у зямлі.

Курганы ды гарадзішчы, валы-замак з пасадам ды селішчы, сярэднявечная фартэцыя Замачак ды палац Глябовічаў, збудаваны ўжо ў Новы час — усё гэта мы можам толькі ўявіць, заплюшчыўшы вочы. Альбо…

Альбо паглядзець на матэрыялы раскопак, што вядуцца ў нашым Месце ўжо больш за сотню гадоў. Нават мастак Язэп Драздовіч спрычыніўся да даследаванняў заслаўскай даўніны. А “капалі” наш горад Канстанты Тышкевіч, Аляксандр Ляўданскі, Эдуард Загарульскі, Георгій Штыхаў, Алег Трусаў, Юрый Заяц ды шмат хто яшчэ… Што не імя — то перліна беларускай навукі! А цяпер і Іван Спірын далучыўся да пантэону заслаўскіх археолагаў.

Не ўсе матэрыялы тых даследаванняў, праўда, захаваліся. Дайшлі да нас збольшага толькі паваенныя, пачынаючы з 1950-х гадоў. Штось з іх цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі, штось — у Акадэміі навук ці на Гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Ёсць археалагічныя скарбы і ў нашым Запаведніку — зберагаем цуды і багацце памяці нашых продкаў.

Старадаўнія заслаўскія артэфакты, што захоўваюцца ў музейных фондах Запаведніка і Музея Гістфака, можна паглядзець на выставе “Стратыграфія Заслаўя” — выставе не археалагічнай і не пра археалогію, хаця і “будуецца” яна на архзнаходках… Выстава гэтая пра жыццё самога нашага старадаўняга Места — нашага Заслаўя.

Тут можна паглядзець на пакрытыя пацінай вечнасці артэфакты ды даведацца пра археалагічныя помнікі Заслаўя і яго ваколіц — пра тутэйшыя курганныя групы, гарадзішча Замачак і старадаўні заслаўскі замак з палацам, Кальвінскім зборам і вялікай замкавай брамай, пра колішні гарадскі пасад — пра Старое места…

А яшчэ можна будзе пабачыць сапраўдныя археалагічныя цуды — “паверхневыя зборы” ды “выпадковыя знаходкі”, што энтузіястыя супрацоўнікі Запаведніка збіралі падчас сёлетніх “масавых земляных работ” у горадзе — не давалі загінуць напамінам нашай спадчыны пад каўшамі бульдозераў


Узроставае абмежаванне 16+

46